беларуская геополитическая стратегияАпошняя актыўнасць беларускага МЗС, замежных дыпламатаў і прадстаўнікоў іншых структур у дачыненні да Беларусі наводзіць на думкі аб паўтарэнні сітуацыі, якая склалася ў 2010 годзе. І мова ідзе не аб “лібералізацыі палітычнага поля”, як прынята казаць пра тыя падзеі, якія так можна назваць толькі ўмоўна.

Каб зразумець аб чым ідзе гаворка варта даць адзнаку сітуацыі, якая склалася на Беларусі, вакол яе кіраўніцтва і да чаго ў выніку прывялі дзеянні замежных і беларускіх дыпламатаў і палітыкаў больш за два гады таму.

“Мы запомним суровую осень…”

Хацелася б пазбегнуць менавіта тэрміна “лібералізацыя” у дачыненні да працэсаў, якія мелі месца напярэдадні прэзідэнтскіх выбараў 2010 года, бо сітуацыя тады больш нагадвала дыялог.  Ў выніку якога, пасля шматлікіх кансультацый і сустрэч, эмісарам з Захаду пры падтрымцы ўплывовых асоб з шэрагаў беларускіх чыноўнікаў атрымалася праціснуць умоўнае рашэнне аб “неперашкаджэнні” альтэрнатыўным кандыдатам на пасаду прэзідэнта. Шчыра кажучы ўсе дзеянні ўладаў і апазіцыйных(і не вельмі) палітыкаў у той час больш нагадвалі імітацыю плюралізму меркаванняў: першыя рабілі выгляд, што змянілі сваё стаўленне да апазіцыянераў, другія не зусім якасна імітавалі барацьбу за  прэзідэнтскую пасаду.

Варта адзначыць, што дзеянні як Захаду, так і з Усходу ў дачыненні да нашай краіны і сённешніх уладаў нельга разглядаць з пункту гледжання распаўсюджвання ўплываў і геапалітычных стратэгій. Заангажаваныя сілы зацікаўленыя ў асноўным у атрыманні пэўнага кантроля над тэрыторыяй, прамысловасцю і рынкамі.

Калі падысці да падзеяў перад прэзідэнтскімі выбарамі менавіта з падобнага пункту гледжання, становіцца зразумелым, што заходнія дыпламаты і палітыкі жадалі “купіць” будучую дабразычлівасць беларускай вярхоўнай улады. Верагодна лабісты інтарэсаў заходніх карпарацый абяцалі “прызнанне выбараў”, у зыходзе каторых на той момант не было ніякіх сумневаў, і так неабходныя крэдыты, ў абмен на  магчымасць удзелу ў прыватызацыі і спрыяльныя умовы для вядзення бізнэса.

У такім выпадку паўстае пытанне мэтазгоднасці падтрымкі заходнімі фондамі апазіцыйных сіл, што ў выніку і скампрамітавала ўвесь дыялог.

Для гэтага варта адзначыць, што на Захадзе, пачынаючы ад англа-саксонскай традыцыі дыпламатыі і вядзення бізнэса, такія катэгорыі, як гонар і вартасць слова пры вядзенні спраў, даўно лічацца анахранізмам. І часам складваецца ўражанне, што нават на стадыі падпісання дамоў, бакі ўжо думаюць аб тым, як іх можна парушыць з найменьшымі для сябе стратамі.

Таму можна зрабіць такую выснову, што заходнія дыпламатыя, па сваёй даўняй звычцы, вяла гульню адразу на некалькі палях. А апазіцыйныя структуры  трымала у якасці “страшылкі” для ўладаў, і як магчымых марыянетак на далейшую перспектыву.

Менавіта такая двайная гульня стала вынікам “паразы” заходняй тактыкі ў Беларусі. І тут мы не маем на ўвазе “дэмакратыю” і “правы чалавека”, а вынік пасля прэзідэнскіх падзей. Калі эмісары з Усходу пісменнымі дзеяннямі на полі вышэйшай беларускай улады справакавалі брутальныя дзеянні, якія не маглі не вызваць абурэння з боку Захаду, і выклікаць спыненне дыялогу.

Застаўшыся сам-на-сам з “расійскімі партнёрамі” беларускія ўлады пасля эканамічнага ціску былі вымушаныя падзяліцца застаўшайся часткай актываў “Белтрансгаза” і працягваць тактыку малых саступак, якая раней ці пазней зацягне краіну  пад поўнае знешняе кіраванне.

Абстаноўка на франтах

Нельга сказаць, што сённешні  дыялог с прадстаўнікамі еўрапейскіх краін пачаўся “учора”. Як і любыя дзеянні ў дыпламатыі, падрыхтоўка і кансультацыі вяліся павольна і паступова. У склаўшайся абстаноўцы верагодным  штуршком для дыялогу стала прызначэнне кіраўніком МЗС Уладзіміра Макея, вядомага “архітэктара” дыялога Беларусі з Захадам.

Відавочна, што не гледзячы на перашкоды з боку “расійскіх партнёраў”(у тым ліку і вядомы выпадак са шведскімі мядзведзяняткамі), падрыхтоўка да адкрытых дзеянняў вялася не адзін месяц.

Аналізуючы падзеі некалькіх мінулых тыдняў, калі прадстаўнікі беларускіх дыпламатычных  структур  пачалі  сустракацца са сваімі калегамі і ў Еўропе, і на Беларусі(Славакія, Венгрыя, Латвія, Літва, Эстонія, ЕС, Швецарыя, ЗША, Швецыя), можна зрабіць выснову, што дыялог перайшоў у актыўную фазу. Пра гэта таксама можа сведчыць той факт, што любыя нават самыя нязначныя сустрэчы адлюстроўваюцца СМІ з падачы прэс-службы МЗС. Вынікам такой актыўнасці па-першае павінна стаць паездка Макея на саміт Усходняга партнёрства ў Вільнюс, які адбудзецца ў лістападзе. Нягледзячы на ўмераны супраціў еўрапейцаў, падаецца, што нашы бліжэйшыя суседзі зацікаўленныя ў пашырэнні эканамічных адносін з нашай краінай, “праціснуць” такое рашанне.

Па-другое, беларускі бок, відаць, не намераны спыняцца на такога рода дасягненнях у дыялоге з Захадам. Пра гэта можа сведчыць візіт амерыканскіх палітолагаў і іх сустрэча з кіраўніком краіны. Што б не пісалі некаторы дысідэнты  з-за  межаў нашай краіны, але падаецца, што наведалі  Беларусь не “заштатныя лабісты”, як сцвярджаюць некаторыя каляпалітычныя аглядальнікі, а людзі, каторыя могуць прывезці вельмі канкрэтную прапанову ад вельмі уплывовых колаў. Як папыткі на выхад да дыялогу з амерыканцамі, можна адзначыць таксама  стасункі па беларуска-катарскай лініі, пра якія паведамляў наш сайт, і якія ў выніку прывялі да згортвання Іранам, геапалітычным праціўнікам Катара, актыўнай эканамічнай і палітычнай дзейнасці на Беларусі.

Вельмі цікавай, на фоне прайшоўшай сустрэчы Лукашэнкі з палітолагамі, выглядае заява зробленая ў той жа дзень кіраўніком прэс-службы МЗС. Якая нібыта мела падкрэсліць пазіцыю Беларусі, што тычыцца санкцый  і неадназначнага стаўлення да нашай краіны з боку ЗША. Няўжо такім чынам нашы дыпламаты меліся “прыкрыць” візіт уплывовых амерыканскіх спецыялістаў?

Напэўна гэта была гульня для тых сіл, якія дасюль упэнены, што Амерыка і Расія гуляюць у нейкае геапалітычнае супрацьстаянне. І Беларусь ёсць кропкай сутыкнення гэтых дзяржаў. Але як неаднаразова ўжо паведамляў наш сайт, даўно стала зразумела, што Амерыка зацікаўленая ў захаванні стабільнасці і адмовілася ад тактыкі, якая мела прывесці да “драблення” Расіі. Такую тэзу, дарэчы, неаднаразова падцвердзіў вядомы Збігнеў Бжэзінскі.

Сапраўды, амерыканцам, чыя нафтавая карпарацыя Exon атрымала права на распрацоўку расійскага арктычнага шэльфу, выгадна супрацоўнічаць з Расіяй і захоўваць стабільнасць у рэгіёне, таму яны спакойна “аддалі” Беларусь “расійскім” алігархам зацікаўленым у нашых актывах і рынках.

Такім чынам аб акалічнасцях гэтага візіта можна толькі здагадвацца і ўлічваць, што супраць расійскіх інтарэсаў ён наўрацці быў накіраваны. Але сам яго факт можа справакаваць ласых на нашы прадпрыемствы ўсходніх капіталістаў на актывізацыю дзеянняў, бо “незразумелыя” і ўмоўна самастойныя зрухі ў беларуска-заходніх стасунках яны па звычцы лічаць небяспечнымі для здзяйснення ўласных стратэгій на нашай тэрыторыі.

Яны добра разумеюць, што за гады сядзення на нафтавай ігле беларускае кіраўніцтва канчаткова развучылася працаваць і прызвычаілася перабівацца крэдытамі і хітрымі камбінацыямі, кшталту “растваральнікавага”.  Таму “лёгкае замаруджванне” вырашэння пытання з нафтавымі кантрактамі, ці выплат чарговага транша ад Антыкрызіснага фонду, можа зрабіць нашыя улады больш згаворлівымі  ў перамовах па прыватызацыі “Беларуськалія”, “МАЗа” і іншых актываў. І доўгатэрміовая тактыка разлічаная на “здачу” найбольш прыбытковых актываў “заходнім партнёрам” можа “зноў нечакана” скончыцца, напрыклад,  валютным крызісам.