Яшчэ месяц таму расійскія і беларускія вайскоўцы натхнёна рапартавалі аб планах стварэння расійскай авіябазы каля Ліды. Але ўжо сёння становіцца зразумелым, што з большай верагоднасцю НАТА арганізуе на Беларусі транзітны пункт, з магчымасцю разгортвання да базы цягам 24 гадзін, як каля расійскага Ульянаўска.
Апошняя  нечаканая праверка гатоўнасці частак авіяцыі Цэнтральнай і Ўсходняй акруг у Расіі, па словах вайскоўцаў, прадэманстравала неабходнасць  адмовіцца ад буйных баз на карысць аэрадромаў з некалькімі баявымі  адзінкамі. Па словах міністра абароны Расіі яшчэ на пачатку рэформы, калі ў 2010 годзе было прынята рашэнне аб узбуйненні і аб’яднанні раскіданых па тэрыторыі краіны частак у вялікія базы, такое мерапрыемства падавалася даволі спрэчным. І вось, пасля амаль трох год працы па перадыслакацыі тэхнікі і вайскоўцаў, міністр “уключыў заднюю”. Шматлікія факты з апошніх год сведчаць аб тым, што такога кшталту развароты ўласцівыя для расійскіх эліт. І могуць сведчыць аб вынаходніцтве новай схемы “распіла”, а не аб змене стратэгіі ці новым асэнсаванні.
Між іншым, расійскія вайсковыя аналітыкі з выдання “Военно-космическая оборона” сцвярджаюць, што цягам трох год колькасць лётных адзінак у войску скарацілася на 30 адсоткаў. Структурная рэформа стала следствам таго, што 217 з 245 аэрадромаў былі закінутыя і інфраструктура вакол іх за гэтыя гады прыйшла ў заняпад.
Тыя нешматлікія звесткі аб мадэрнізацыі тэхнікі, як узбраенне авіяцыі Усходняй акругі новымі Су-30СМ і СУ-35(усяго 24 адзінкі), не выклікаюць аптымізму ў расійскіх вайсковых экспертаў.
Тым жа часам, Лента.ру паведамляе аб тым, што траназітны пункт НАТА ва Ульянаўске не апраўдаў спадзяванняў расійскіх транспартных кампаній, якія мелі прыярытэт у яго абслугоўванні. Расійскія эксперты канстатавалі, што за мінулы год прадстаўнікі Паўночна-атлантычнага альянса не падпісалі з расійцамі ні аднаго кантракта. Натаўцы сцвярджаюць, што такая сітуацыя адбываецца з-за завышаных коштаў расійскіх кампаній. Але некаторыя адмыслоўцы маюць мяркаванне, што гэты пункт першапачаткова разглядаўся НАТА толькі як магчымасць замацавацца на тэрыторыі Расіі для далейшага разгортвання сваёй стратэгіі прысутнасці ў краіне.
Між іншым, нашаму парталу стала вядома аб тым, што некаторы час таму вайскоўцы з заходняга вайсковага блока разглядалі і абмяркоўвалі з кіраўніцтвам Расіі і Беларусі  магчымасць стварэння падобнага транзітнага пункта альбо каля Смаленска, альбо пад Воршай. Тым больш, не сакрэт, што наша краіна даўно прымае ўдзел у праекце “Паўночная транзітная плынь” па дастаўцы грузаў вайсковага прызначэння ў Аўганістан. Такога кшталту супрацоўніцтва можа быць больш верагодным, на сённешні момант, чым заявы расійскіх чыноўнікаў, якія, падаецца, часам маюць адно палітычны, дэкларатыўны характар.