Азербайджан і Расія ўсе 20 год пасля развала СССР маюць даволі складаныя стасункі. І ў першую чаргу на гэта ўплывае галоўная акалічнасць-гэта азербайджанская нафта. Улічваючы даволі  недальнабачную палітыку расійскіх эліт у стасунках з былымі савецкімі рэспублікамі, накіраваную, у першую чаргу, на захаванне сфер эканамічнага ўплыву, Азербайджан у ёй займае асобнае месца.
Гэта закаўказская краіна мае больш магчымасцяў для гепалітычнага манёўра, у тым ліку і з Расіяй, чым астатнія краіны былога саюза.
Уладныя колы ўсяго рэгіёну чакалі першага за сем год візіта прэзідэнта Расіі ў Азербайджан. Некаторыя эксперты нават прагназавалі магчымую заяву Пуціна наконт падтрымкі Аліева ў будучых прэзідэнтскіх выбарах. Але, у выніку, візіт пакінуў больш пытанняў чым адказаў. І меў даволі цікавыя акалічнасці, якія засталіся за кадрам.
Нягледзячы на тое, што ўдзельнікамі дэлегацый было падпісана шэсць дамоў і некалькі пратаколаў аб намерах, відавочна, што па галоўным пытанні краіны прыйшлі да кансэнсуса яшэ некаторы час таму. Пагадненне аб супрацоўніцтве Раснафты і Дзяржнафты Азербайджана прадугледжвае сумесную эксплуатацыю нафтаправодаў, працу па распрацоўцы радовішчаў і, што чытаецца між строк, узгадненне стратэгіі на знешніх рынках.
Сённешнія эліты ў краінах добра лічаць грошы, больш таго, у іх гэта лепш за ўсё атрымліваецца. Расійскае кіраўніцтва зразумела, што канфрантацыя з Азербайджанам па пытаннях будаўніцтва новых каспійскіх нафтавых “шляхоў” антыканструктыўна. Відавочна, што было прынята стратэгічнае рашэнне на супрацоўніцтва ў гэтым накірунку, адначасова падмацаванае палітычнай падтрымкай “клана Аліева” і пастаўкамі вайсковага ўзбраення. Нягледзячы на тое, што афіцыйнай інфармацыі аб колькасці праданай зброі бракуе, некаторыя адмыслоўцы сцвярджаюць, што менавіта ажыўленне ў гэтай сферы міждзяржаўных адносін выклікала 47-працэнтны рост гандлю.
З вялікай верагоднасцю пазіцыя Расіі па спрэчным пытанні Карабаху ніколі не трансфармуецца і не зменіцца на карысць ці то Арменіі, ці то Азербайджана. Гэты канфлікт расійскія эліты могуць выкарыстоўваць для дасягення сваіх мэт па пранікненню ў эканомікі краін, але хістацца на карысць аднаго з бакоў ніколі не стануць.
Сённешнія пазіцыі расійскага капітала ў Арменіі даволі моцныя, з замахам на атрыманне кантролю над самымі прыбытковымі часткамі эканомікі, што, як бачым, зусім не замінае добрым стасункам расійскіх дзяржчыноўнікаў з Азербайджанам.
Даволі цікавым момантам, на які амаль не звярнулі ўвагу СМІ і эксперты, стала абмеркаванне супрацоўніцтва Расіі і Азербайджана ў забеспячэнні гандлёвага карыдора ў Іран. У гэтым пытанні немалую роль можа выканаць азербайджанскае насельніцтва ў Іране, якое налічвае 25 млн. чалавек.
Нягледзячы на шырокае супрацоўніцтва афіцыйнага Баку з Захадам, у тым ліку з этнічна блізкай Турцыяй, кіраўніцтва Азербайджана захоўвае і пашырае стасункі з Расіяй. Бо такога кшталту знешнепалітычная пазіцыя пасуе элітам і ў Баку, і ў Маскве. З іншага боку расійцы разумеюць неабходнасць падтрымання сваіх пазіцый у рэгіёне і не адмаўляюць у стварэнні  канструктыўнай павесткі нават з краінамі празаходняй накіраванасці.
Вельмі цікава ў якім кірунку  трансфармуюцца  ў будучыні стасункі паміж Расіяй і Грузіяй?