Будучыня Беларусі, беларускага народа турбуе шмат каго. Акрамя ўласна беларусаў, маецца на ўвазе актыўная частка нацыі, дарадцаў рознага кшталту зараз хапае і з Захаду, і з Усходу.
Заўжды з цікаўнасцю чытаю меркаванні аб нашай краіне на замежных сайтах. Вельмі падабаецца чуць розныя меркаванні, параўноўваць, рабіць высновы, заснаваныя на ўласным сціплым досведзе.
Нейк выпадкова натрапіў на адзін цікавы ўкраінскі рэсурс пад назвай Хвыля. Даволі займальны сайт, на якім можна ўбачыць часам тэксты супрацлеглых палітычных і светапоглядных накірункаў. Узнімаюцца як пытанні геапалітычнага, эканамічнага, так і цывілізацыйнага і філасофскага характару.
Нажаль, уласна “беларускае пытанне” на сайце закранаецца мала і вельмі павярхоўна. У асноўным канстатуюцца звычайныя мемы ўласцівыя для некаторых наведвальнікаў Беларусі:каўбаса, дарогі, чысціня. Хутчэй з-за асаблівасцяў нашага палітычнага жыцця і адсутнасці вялікай колькасці адкрытых матэр’ялаў аналітычнага кшталту і экспертных меркаванняў.
Але апошнім часам, партал “выбухнуў” некалькімі артыкуламі, якія можна назваць праграмнымі, аўтарства вядомага ў беларускім сеціве “разбуральніка стандартаў”. Гэтыя тэксты выклікалі “праведный гнев” сярод звычайна адкрытых да дыскусіі чытачоў. Сапраўды, такой колькасці “далоў!” на сайце даўно не гучала.
Жадання даваць адзнаку думкам выказаным аўтарам матэр’ялаў  не ўзнікае, ды й справа гэта неўдзячная. Ды і сціплы досвед падказвае, што да людзей якія вераць у “свабодныя выбары” і “дэмакратыю” у наш час трэба ставіцца з асцярогай.
Засмучае, што адзін з маіх любімых парталаў пераўтвараецца ў трыбуну для такога кшталту дзеячоў. Хіба, спадзяюся, што супрацоўніцтва з гэтым аўтарам рэдактары сайта разглядаюць у якасці правакацыі на дыскусію і “падкормкі троля”