Расія, ў сувязі з затрыманнем беларускімі ўладамі Баумгертнера, рыхтуецца да  эканамічнай і інфармацыйнай вайны супраць Мінска. І калі б нагоды, у выглядзе арышту прадстаўніка расійскай алігархіі, не было, яе варта было б прыдумаць. У першую чаргу, каб адсунуць увагу расійскай грамадскасці ад чарговага фіяска крамлёўскіх ўладаў на сусветнай арэне.
Пакуль шматлікія прадстаўнікі маскоўскіх камісій, камітэтаў і іншых безумоўна вельмі патрэбных, але не вартых узгадвання ў гэтым тэксце структур, кідаюцца  заявамі ў бок Мінска, сітуацыя вакол Сірыі, даўняга партнёра Расіі і стратэгічна вельмі ёй патрэбнага, пераходзіць у фазу падрыхтоўкі да паўнавартаснай вайны.
Вядома, што крамлёўская алігархія  зацікаўленная ў захаванні status quo на Блізкім Усходзе,  для працягу там “газавай экспансіі”. Але пакуль расійскім чыноўнікам і дыпламатам не прыходзяць думкі пагражаць “заходняй кааліцыі” скарачэннямі паставак газу і нафты, ці замарожваннем імпарту, як гэта адбылося не так даўно з украінскімі “партнёрамі”.
Апошняя сустрэча Мядзведзева з Азаравым толькі падцвердзіла замацаванне ў расійскай знешняй палітыцы, якая тычыцца блізкіх суседзяў, стратэгіі ціску ў эканамічным полі. Замест прагматычнага супрацоўніцтва на карысць развіцця, стратэгічнага разумення інтарэсаў розных бакоў, Крэмль усё часцей абірае “мову ультыматумаў”.
Што можа сведчыць аб слабасці і  страце  ўсялякага разумення рэальнасці. Здаецца, што, як і некаторыя тутэйшыя “змагары з расейскай навалай”, маскоўскія эліты раптам ўзгалі часы супрацьстаяння СССР-Захад, і ім падалося, што “халодная вайна” пачалася зноў. Але, нешта “вайна” гэтая, ацэньваючы з боку, падаецца нейкай несапраўднай, “кампьютарнай”. Бо, відавочна, што адзін з бакоў можа “раптам” арыштаваць рахункі ў заходніх банках, спыніць пастаўкі прадуктаў харчавання і г.д. Таму і гуляюць расійцы з Захадам нібы ў паддаўкі, абмяжоўваючы адстойванне  інтарэсаў адно “стратэгічнымі заявамі з абражаным выглядам” і гульнямі вакол “сноўдэнаў”.
Безумоўна, пра Баумгертнера, як некалі пра Мілошавіча, Хусэйна, Кадафі  і іншых больш вартых “дыпламатычных заяў” расійская прэса і грамадства хутка забудуць. Але для Беларусі, чарговае падцверджанне сапраўдных мэтаў Крамля, мусіць быць патрэбным.