rossia-klounyЗа час супрацьстаяння на вуліцах Кіева і іншых украінскіх гарадоў мы пачулі ўзгадак пра Беларусь больш, чым, здаецца, за ўсю “урэзаную” кадэнцыю Януковіча. Сапраўды стасункі паміж краінамі, у тым ліку, і асабістыя, на вышэйшым узроўні, не былі паўнавартаснымі апошнія некалькі год.
Гэтаму спрыялі і, шчыра кажучы, абразлівыя словы Лукашэнкі, якія ён сабе дазволіў у дачыненні да кіраўніка нашай паўднёвай суседкі некалькі год таму. Такія паводзіны застаўляюць чарговы раз задумацца аб неабходнасці ўвядзення адказнасці для чыноўнікаў самага вышэйшага рангу за дзеянні неадпавядаючыя займаемай пасадзе, якія могуць нанесці шкоду Беларусі, у тым ліку і прамую фінансавую. Як, напрыклад, інтэрв’ю Каткавец пра імпарт украінскіх сыроў у Беларусь, якую адразу выкарасталі канкурэнты беларускіх малочных вытворцаў. І украінскі бок увёў часовае “эмбарга” на пастаўкі малочнай прадукцыі з Беларусі на свой рынак.

Досвед назірання за мінулымі інфармацыйнымі ўкідамі накіраванымі супраць Беларусі дазваляе казаць, што усе гэтыя неверагодныя версіі: пра ўдзел беларускіх міліцыянераў у разгоне дэманстрацый у Кіеве, потым пра беларускіх снайпераў, зараз гісторыя з Захарчанкам-ёсць элемент інфармацыйнай вайны. Яе мэта-дыскрэдытацыя нашай краіны, якая на Украіне з’яўляецца своеасаблівым брэндам якасці для шырокага кола спажыўцоў нашай прадукцыі, бізнес-партнёраў і г.д.

Магчыма гэта элемент кампаніі накіраваны супраць беларускай экспансіі, якая адбываецца на нафтаперпрацоўчым рынку. Яшчэ пад канец мінулага года была агучана, што кампанія БНК-Украіна, саўладальнікам якой з’яўляецца Беларусьнафта, мае намер павялічыць свой удзел не толькі ў гуртовым гандлі, але адчыніць сетку беларускіх заправак ва Украіне. Акрамя гэтага, кампанія планавала мадэрнізацыю некалькіх НПЗ на тэрыторыі нашай паўднёвай суседкі.
Вядома, такія агрэсіўныя паводзіны на рынках заўжды сустракаюць супрацьдзеянні з боку канкурэнтаў.
Якімі, дарэчы,  для Беларусьнафты на поўдні з’яўляюцца ў асноўным расійскія кампаніі, што кантралююць большую частку нафтавага бізнеса ва Украіне.
Вынікам перафарматавання рынка, якое адбылося ў 12-13 гадах, стала зніжэнне паставак беларускага паліва на 30%. Што сведчыць аб агрэсіўнасці паводзін новых гульцоў у гэтым сектары эканомікі.
Таму адпаведныя заявы ўкраінскіх палітыкаў і медыя, накіраваныя, па сутнасці, супраць нашай краіны, маюць пэўны намер дэскрэдытацыі канкурэнта.

Відавочна, што на такога кшталту дзеянні трэба адказваць адпаведна і не браць прыклад з украінскіх рэвалюцыянераў і іх прапагандыстскіх інтернет-улётак.