Лукашенко рейдеры БелоруссияАкрамя таго, што падзеі ва Украіне, ярка прадэманстравалі змены, якія адбыліся ў міжнародных зносінах, тактыцы дасягнення мэтаў, яны ў чарговы раз застаўляюць задумацца аб выкліках для Беларусі.

І пакуль кіраўніцтва краіны і дзяржаўныя СМІ супакойваюць грамадзян, нібы хаваючы галаву ад эвалюцыі дыскурса ў рэгіёне, наш сайт вырашыў разабраць і абмеркаваць рызыкі для Беларусі, якую пагрозу яны могуць несці, і магчымыя прычыны іх узнікнення ці абвастрэння.

Па-першае адразу хацелася б разгледзець наступствы, якія могуць чакаць нашу краіну ў выніку агрэсіўных дзеянняў знешніх гульцоў ці унутраных дэструктыўных сіл.

Зыходзячы з сітуацыі ва Украіне, аналізуючы цяжка прагназуемы паварот разгортвання падзей, мы дазволілі сабе вылучыць тры асноўных пагрозы:

  •  поўная страта незалежнасці Беларусі, з магчымым раздзелам паміж дзяржавамі-суседкамі,
  • павялічэнне залежнасці ад знешніх актараў, у тым ліку палітычнай, у выніку страты стратэгічных актываў, прадпрыемстваў,
  • тэрытарыяльныя страты праз агрэсіўныя дзеяніі нашых суседзяў

 

1. Калі казаць пра першую пагрозу, варта адзначыць, што абсалютна неверагоднай яна ўжо не выглядае. Украінскі “рубікон”, за якім пачалася адкрытая гульня знешніх сілаў, толькі падцверджвае планы ЗША, пра якія некалькі год таму казалі, як пра канспіралагічныя і немагчымыя ў кароткатэрміновай перспектыве. А менавіта, пра падзел зон уплываў, раней, у першую чаргу эканамічных.

Заўважым, што як толькі, дзеянні украінскіх палітыкаў і алігархаў пайшлі насуперак “умоўнага плану”, у прыватнасці пачалі матэрэалізоўвацца ў намеры падпісання пагаднення асацыяцыі з ЕС, краіна была абрынута ў багну дэстабілізацыі, гвалту і грамадзянскай вайны.

Таму лічыць план неверагодным і недасягальным, ужо даўно не варта. Наадварот,менавіта такі варыянт разгортвання падзеі трэба разглядаць, як асноўны ў кантэксце пагрозаў для Беларусі.

Зыходзячы з абазначаных намі перспектыў, Беларусі можа пагражаць альбо ўваход у склад Расіі, альбо перадзел між Польшчай і Расіяй. Да таго ж, не факт, што па канфесіянальна-нацыянальнаму прынцыпу.

map

2.Другі пункт можна лічыць больш лагодным варыянтам першага. Калі Беларусь, па сутнасці, з аўтаномнага пратэктарата можа пераўтварыцца ў калонію.

Не сакрэт, што на сённешнім этапе, беларускае кіраўніцтва вымушана ўзгадняць кадравыя назначэнні на высокім узроўні з расійскімі саюзнікамі. Што абумоўлена сур’ёзнай залежнасцю беларускай эканомікі ад прэферэнцый з боку Расіі. А “аперацыя Белтрансгаз“, калі ў выніку шматхадовай камбінацыі(выбары, адмова ў крэдыце, дэвальвацыя, дапамога ў выхадзе з крызіса), расійскія ўласнікі атрымалі поўны кантроль над нашай газа-транспартнай сістэмай, толькі падцверджвае, што Масква мае адпрацаваную тактыку.

Можна меркаваць, што наступныя выбары могуць скончыцца стратай нафтаперапрацоўчай сферы ці калійнага гіганта.

Такім чынам, рознымі метадамі і за розныя часовыя адрэзкі Беларусь можа канчаткова страціць асноўныя эканамічныя рычагі, на якіх у асноўным і трымаецца беларуская “залежная незалежнасць”.

 

3.Калі разглядаць, што Беларусь, яе кіраўніцтва пачне намагацца выбудоўваць уласны дыскурс у бок змяншэння залежнасці ад Расіі, відавочна, што расійскія кіраўнікі, маючы шырокі набор інструментаў, паспрабуюць знізіць іміджавыя і эканамічныя страты.

Уважаючы украінскі сцэнар, зразумела, што пры дамоўленнасці паміж вялікімі гульцамі, наша краіна застанецца сам на сам з любым агрэсарам. Нельга не ўлічваць, у такім выпадку, і польскі фактар. Які ва ўмовах пераарыенацыі былых міжнародных дамоўленнасцяў, у нас вельмі недаацэньваецца.

 

Перадумовы, магчымыя сцэнары

 

Каб прааналізаваць магчымыя перадумовы, якія могуць стаць найбольш уразлівымі кропкамі для пагрозаў, варта разбіць іх на некалькі пунктаў, якія з’яўляюцца самымі актуальнымі для нашай краіны:

  • гепалітычны складнік,
  •  эканамічная сфера,
  •  сацыяльная, грамадская сфера,
  •  улада.

Кажучы пра гепалітычную дыспазіцыю Беларусі варта ўзгадаць словы Лукашэнкі, каторы ў адным з інтервію адзначыў: “Геополитика нам не нужна, мы не собираемся играть в эти игры, в которые играют 7-8 известных государств…”

Гэта сведчыць пра тое, што беларускае кіраўніцтва не толькі не бачыць перспектыў стварэння геапалітычнага полюса на Беларусі, як краіны, чыя роля ў канструктаванні рэгіянальнай карціны яўна недаацэнена, але і не ўяўляе краіну, як паўнавартасны суб’ект. Таму, відавочна, што ў бліжэйшай перспектыве Беларусь будзе дрэйвафаць у фарватары геапалітычнай плыні буйных гульцоў.

Асноўным сілам, такім як ЗША, ЕС, Кітай, Беларусь, як аб’ект паўнавартаснага ўплыву, слаба цікавы.

Найбольшую пагрозу для краіны, якая можа аслабіць і паставіць пад пытанне жыццяздольнасць Беларусі, ў выніку катастрафічных наступстваў для грамадства і кіруючай эліты, уяўляюць эканамічная выклікі. Як прадэманстравалі падзеі 2011 года, стан эканомікі краіны настолькі хісткі, што любы прэсінг з боку Расіі можа выклікаць сур’ёзныя крызісныя з’явы.

Такім чынам, менавіта эканамічны ціск бачыцца самым небяспечным і верагодным крокам, які прывядзе да разбалансіроўкі парытэту бяспекі і згортванню сацыяльнай дамовы. Што ў выніку можа стаць перадумовай для дэстабілізацыі і агрэсіўных дзеянняў з боку краін-суседак. Тэхнічны інструментарый па анэксіі тэрыторый і правакаванню нестабільнасці добра бачны на прыкладзе сённешняй Украіны.

Эканамічны складнік з’яўляецца галоўным для грамадска-сацыяльнага баланса на тэрыторыі Беларусі. Дзяржава за ўсе гады незалежнасці, нягледзячы на шматлікія дэкларацыі аб намерах, так і не здолела знайсці годнага дзяржаваўтвараючага дыскурса для беларусаў. Галоўны прынцып сацыяльнай дамовы-“шкварка і чарка”, відавочна, ва ўмовах магчымых знешніх пагроз не з’яўляецца аб’ядноўваючым.

Праца шматлікіх пра-польскіх і пра-расійскіх арганізацый, некаторыя з якіх нават адмаўляюць беларускаму народу ў паўнавартаснай суб’ектнасці, на тэрыторыі Беларусі пакуль не з’яўляецца дэстабілізуючым полюсам. Але пры прагназуемых сацыяльна-эканамічных катаклізмах, аслабленні дзяржаўных рычагоў пры рэзкіх зменах у элітах, не ўлічваць фактар уплыву этна-культурных асяродкаў не магчыма.

Пры згубе грамадствам пунктаў апоры, у выглядзе гарантаванай эканамічнай стабільнасці, магчымая разбалансіроўка сістэмы можа выклікаць непрагназуемыя наступствы. Што можа стаць падставай для ўзняцця нацыянальнага пытання ў Гродзенскай, Брэстскай, Віцебскай і Гомельскай абласцях. Як, у прыватнасці Расія, выкарыстоўвае аслабленне цэнтральнай улады, мы сёння назіраем ва Украіне.

Нельга не заўважыць, што беларускі ўладны маналіт, наколькі ён з’яўляецца дзяржаваўтвараючым, настолькі можа стаць і крыніцай дэстабілізацыі.

Па-першае, не варта думаць, што эліта ёсць аднароднай. Ва ўладных структурах і асяродках назіраюцца кланавасць і палярнасць мэтаў.

Гарантам стабільнасці ўладнай пляцоўкі з’яўляецца прэзідэнт. З аднаго боку Лукашэнка цэментуючы элемент, а з іншага найбольш уразлівы.

Бо, напрыклад, хвароба ці смерць сённешняга кіраўніка дзяржавы можа справакаваць разбурэнне ўсёй піраміды ўлады. І сённешнія тактычныя саюзнікі і суседзі па ўладных калідорах могуць пачаць барацьбу за сферы ўплываў.

Відавочна, што беларускія эліты прамарудзілі момант легетымнага перахода ўлады на падставе дзяржаўніцкай дамове эліт, што было б нарантыяй устойлівасці беларускай сістэмы.

На сённешні момант уладны складнік гуляе не апошнюю ролю ў захаванні беларускай дзяржаўнасці як такой. Але яе будучыня таксама залежыць ад таго, ці здольныя ўлады зразумець неабходнасць распрацоўкі сістэмы працы сацыяльных ліфтоў, узаемадзеяння з грамадствам, падрыхтоўкі якасных дзяржаўных кадраў з пэўнай ступенню амбіцый.